Музейна-выставачны комплекс гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе» быў адкрыты ў верасні 1992 г. З агульнай плошчы двухпавярховага будынка вылучаныя тры выставачныя залы, дзве з якіх адведзены пад пастаяныя экспазіцыі.
На першым паверсе размясцілася зала габеленаў. У 1991-1992 гг. гэтыя габелены былі выраблены ткачыхамі Барысаўскага камбіната дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва па эскізах беларускіх мастакоў Юрыя Піскуна і Вольгі Дзёмкінай.
Тры габелены «Рагнеда», «Полацкія званы» і «Малітва» фарматам, дэталямі і асаблівасцямі каларыту аб’яднаны ў завершаны ансамбль. Нягледзячы на тое, што кожны з аўтараў вырашаў задачу раскрыцця асобнай тэмы, у выніку кожная тэма сыходзіцца ў адной, прысвечанай асобам Рагнеды і Ізяслава, а таксама іх ролі ў гісторыі Заслаўя, у гісторыі ўсяго Полацкага княства.
Музыка вячорак
У 1992 г. на другім паверсе адкрылася пастаянная экспазіцыя “Музыка вячорак”, адзіная ў сваім родзе на Беларусі, прысвечаная народным аркестрам. Яна знаёміць з музычнай культурай беларускіх вёсак і мястэчак. У вітрынах размешчаны музычныя інструменты, сабраныя з розных рэгіёнаў Беларусі. Добра вядомыя гармонікі, цымбалы, скрыпкі, жалейкі, бубны аб’яднаны ў так званыя вясельныя гурты. Падчас экскурсіі ажыўляе выставу аудыясуправаджэнне – мелодыі і песні ў выкананні народных музыкаў, запісаныя супрацоўнікамі музея падчас этнаграфічных экспедыцый.
Асобны раздзел выставы адведзены інструментам, якія не ўваходзілі ў склад народных аркестраў. У вітрынах можна ўбачыць цытру, мандаліну, лютню-мандаліну. Таксама прадстаўлены духавыя інструменты – драўляныя дудкі і жалейкі, гліняныя акарыны. А шумавыя музычныя інструменты –каробачку гладкую, кляшчоткі, лыжкі можна не толькі паглядзець, але і пайграць на іх.
Трэцяя зала музейна-выставачнага комплексу прызначана для часовых выставачных праектаў.
На першым паверсе музейна-выставачнага комплексу знаходзіцца каса, дзе набываюцца квіткі альбо адзіны білет ва ўсе астатнія музеі. Там жа можна купіць сувеніры.