Першы на тэрыторыі постсавецкай прасторы музей фартыфікацыі часоў Другой сусветнай вайны адкрыты ў 2004 г. у агнявым пункце № 115 Мінскага ўмацаванага раёна.
Гэтая трохамбразурны агнявы пункт адносіўся да тыпу М3. Жалезабетонныя сцены і баявое пакрыццё (таўшчынёй адпаведна 90 і 60 сантыметраў) забяспечвалі абарону ад снарадаў 122-х мм гаўбіцы, а на вялікіх дыстанцыях – і ад 152-х мм гаўбіцы. Пункт быў ўзброены трыма станковымі кулямётамі сістэмы “Максім” на спецыяльных станках ПС-31 сістэмы Гарнасталёва з цэнтральнай сістэмай вадзянога ахалоджвання і адным ручным кулямётам сістэмы Дзегцярова. Боекамплект складаўся з 28 500 патронаў. Пункт быў забяспечаны тэлефоннай сувяззю па падземным і наземным кабелях і радыёстанцыяй. Для кругавога назірання быў усталяваны перыскоп. Абарону ад баявых атрутных рэчываў пры хімічным нападзе і ад парахавых газаў пры інтэнсіўнай стральбе забяспечвала фільтра-вентыляцыйная сістэма, амбразуры станковых кулямётаў былі абсталяваныя прыстасаваннямі для герметызацыі. У пункце меліся таксама камплекты запасных частак і прыладаў да ўзбраення і абсталявання, слясарны і шанцавы інструмент, запас вады і прадуктаў харчавання, розная гаспадарчая і бытавая маёмасць.
Гарнізон агнявога пункту складаўся з 12 чырвонаармейцаў.
Заслаўе на дадзены момант з’яўляецца адзіным у Беларусі горадам, у межах якога знаходзіцца больш за 10 кулямётных і 3 артылерыйскіх доўгатэрміновых агнявых пунктаў. Частка з гэтых ДАПаў удзельнічала ў баях пад Заслаўем у чэрвені 1941 г. і мае баявыя пашкоджанні. Некаторыя агнявыя пункты пратрымаліся ад двух да чатырох дзён. Яны стрымлівалі наступ ворага на Мінск і нанеслі яму немалыя страты