Пастаянная экспазіцыя “Гандлёвая лаўка канца ХІХ – пачатка ХХ ст.” раскрывае тэму дробнага гандлю ў мястэчках Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. У той час у Заслаўі, якое мела статус мястэчка, быў добра развіты гандаль: штотыдзень функцыянавалі мясцовыя кірмашы, некалькі разоў на год праводзіліся буйныя. Акрамя кірмашоў у мястэчку ў перыяд канца ХІХ – пачатку ХХ ст. гандлявалі ад 10 да 15 мелкіх лавак. Усе яны на той момант належалі мяшчанам-яўрэям і размяшчаліся ў асноўным у прыватных дамах. Па архіўных матэрыялах у пяці лаўках Зяслаўя гандаль вёўся розным дробным таварам і тытунём, адна лаўка гандлявала хлебам. Вылучалася лаўка Я. Сулера, дзе гандлявалі тканінай, шкляным, фарфоравым посудам, рознымі прадуктамі.
У музеі “Гандлёвая лаўка” прадстаўлены асноўныя тавары, якія выкарыстоўваліся ў паўсядзенным жыцці местачковага насельніцтва. На паліцах можна ўбачыць розны посуд: латунныя і медныя падносы, патэльні, каструлі, друшлякі, кубкі, падстаканнікі, гаршчкі, біклагі, чайнікі і самавары. У экспазіцыі таксама прадстаўлены посуд, выраблены “Таварыствам М.С.Кузняцова” – аднаго з бунейшых фарфорава-фаянсавых вытворцаў канца ХІХ-пачатка ХХст.
Шырокім попытам карысталіся у жыхароў Заслаўя ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. свечы і, адпаведна, падсвечнікі, разнастайныя асвятляльныя прыборы: настольныя і падвясныя газавыя лямпы, ліхтары “лятучая мыш” і чыгуначніка. У лаўцы таго часу можна было набыць розныя па прызначэнню награвальныя прыборы: прымусы, прасы (бронзавыя, чыгунныя), якія тасама дэманструюцца ў экспазіцыіі.
На аўтэнтычных паліцах размешчаны тавары першай неабходнасці, якія меліся ў продажы: мыла, запалкі, а таксама чай, кава, цукар, соль, крупы, спецыі.
Асобы раздзел экспазіцыі прысвечаны гандлю тканінамі, вопраткай, абуткам, бытаваўшымі ў пазначаны перыяд. Жанчыны рознага ўзросту маглі парадаваць сябе хусткамі любога фасону і на любы выпадак: розных расфарбовак, з вышыўкай і набіўнымі , з махрамі і без іх, з воўны, бавоўны, штапельнымі – гэтыя галаўныя ўборы ўпрыгожваюць экспазіцыю і прыцягваюць увагу наведвальнікаў музея.
Музей “Гандлёвая лаўка канца ХІХ пачатку ХХ ст. быў адчынены ў верасні 2018 года і з’яўляецца першым музеем Беларусі, прысвечаным местачковаму гандлю.