Млын

У Заслаўі на працягу яго гісторыі існавалі розныя віды млыноў: вадзяныя, ветраныя, паравыя. Да нашых дзён захаваўся толькі паравы, пабудаваны ў 1910 г. на сродкі заможнага мясцовага жыхара Мяхедка-Савіцкага.

Млын уяўляе сабой зрубны будынак, у якім мукамольныя  механізмы размеркаваны па трох паверхах. Сэрца млына (жорнавы пастаў) знаходзіца на другім паверсе. Там жа размешчана крупадзёрка – машына для вытворчасці крупы і ачышчэння зерня ад вотруб’я.

         Спачатку механізмы млына працавалі ад паравога рухавіка, так званага лакамабіля, кацёл якога паліўся дровамі. У 30-я гады ХХ ст. лакамабіль быў заменены больш эфектыўным аднапоршневым нафтавым рухавіком, вырабленым  у 1928 г. у Варшаве на заводзе “Perkun”, а напрыканцы 1940-х гг. быў заменены электрарухавіком.

Да 1989 года на млыне ажыццяўляўся памол, аднак будынак патрабаваў рамонту. Пасля рэстаўрацыі і музеефікацыі у 1990 г. ён стаў цэнтральным аб’ектам этнаграфічнага комплексу “Млын” гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”, у які ўваходзяць хата завознікаў, свіран і кузня.

Паравы млын у Заслаўі – помнік прамысловай спадчыны пачатку      ХХ ст. з аўтэнтычнымі будынкам, механізмамі і вытворчым працэсам.

Хата завознікаў

На пачатку ХХ ст. побач з млыном была пабудавана хата, своеасаблівая гасцініца для завознікаў (сялян, якія чакалі чаргі на памол). Акрамя завознікаў, спыніцца ў ёй маглі ўсе жадаючыя, якія па розных справах наведвалі Заслаўе.

Хата была пастаўлена на каменны падмурак, накрыта гонтам. Складалася з сенцаў і чыстай (або светлай) паловы. На жаль, арыгінальны будынак хаты завознікаў не захаваўся. У 1992 годзе гасцініца была рэканструявана музеем-запаведнікам “Заслаўе” у першапачатковым выглядзе. У сенцах хаты завознікаў знаходзяцца невялікая печ-пліта, вуглавая шафа (кутнік), паліцы з керамічным, медным і латунным посудам, стол з самаварам, падвясны рукамый. На сценах вісяць бурносы (зімовая вопратка з валянага сукна), а таксама прадметы конскай вупражы. У другой палове падлога з дошак, сцены атынкаваныя і пабеленыя. Важнымі элементамі інтэр’ера з’яўляюцца кафляная печ, палаці з сеннікамі, канапа і нямецкі маятнікавы гадзіннік. Па дыяганалі ад печы – на покуці вісіць абраз. У інтэр’еры хаты гарманічна злучаюцца рысы гарадскога і вясковага побыту, што было характэрна для местачковых дамоў пачатку ХХ стагоддзя.

Зараз у хаце завознікаў праводзяцца экскурсіі, пазнавальныя заняткі, тэатралізаваныя прадстаўленні.

Свіран

Свіран — традыцыйная для беларускай гаспадаркі другой паловы XIX-пачатку XX ст. пабудова, якая выкарыстоўвалася для захавання прадуктаў, часткова адзення і гаспадарчых рэчаў. Гэтая назва была характэрна для захаду Беларусі. На ўсходзе ўкараніўся варыянт «клець».

Драўляны свіран каля заслаўскага млына стаіць на каменным падмурку. Яго галоўны фасад уяўляе сабой галерэю з балконам, багата ўпрыгожаныя разьбой. Знутры, уздоўж сцен, цягнуцца засекі для збожжа. У цэнтры знаходзяцца сплеценыя з лазы і саломы шыяны, каробкі, розных памераў кублы, а збоку – арфа.

Свіран быў пабудаваны ў 1890 годзе ў в. Міхнічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. У пачатку 1990-х гадоў гісторыка-культурным музеем-запаведнікам быў перавезены ў Заслаўе, а ў снежні 1997 г. у ім была адкрыта музейная экспазіцыя.

Кузня

Музей-майстэрня кавальскай вытворчасці адкрыўся ў 1994 годзе. Ні адна са шматлікіх заслаўскіх кузняў не захавалася, таму існуючую, тыповую для цэнтральнага рэгіёна, перавезлі сюды з в. Камень Валожынскага р-на Мінскай вобл. Абсталяванне і інструменты ў асноўным перавезены разам з будынкам.

Кузня – зрубная пабудова памерам 4×4 метры. Унутры адноўлена працоўная  абстаноўка пачатку XX ст. з усім неабходным кавальскім абсталяваннем. Яно складаецца з горана, мяхоў, калоды з аднарогім кавадлам, ручнога тачыльнага і свідравальнага станкоў, шматлікіх інструментаў: малаткоў, абцугоў, разакоў і прабойнікаў.

Да правай сцяны кузні прыбудаваны навес для захавання дроў, вугалю. Паблізу ўсталяваны спецыяльны станок для падкоўвання коней, тут жа на зямлі ляжыць жорнападобны камень – гбала. Ён выкарыстоўваўся для набіўкі на драўляныя колы калёсаў жалезных абадоў.