“20- ГОД  РАЗАМ”—юбілейная выстава ТГА “МАСТАК”.

 

У 2002 годзе была створана і зарэгістравана Мінюстам творчае аб’яднанне “Мастак”, якое  працягвае сваю дзейнасць і зараз, ды й налічвае ў сваім складзе 55 чалавек . Ініцыятарам стварэння аб’яднання быў мастак Віктар Маркавец ( 5.08.1947- 17.09.2013). Усё жыццё Віктара Маркаўца -гэта ў першую чаргу жыццё з людзьмі і жыццё для людзей.  Ён дапамагаў пачынаючым творцам станавіцца мастакамі – працаваў выкладчыкам у вучэльні імя Глебава, і ў БДТМІ.

Калі Віктар  пасяліўся ў Заслаўі,  звярнуў увагу на тое, што ў горадзе жыве і працуе шмат мастакоў. Тады ў Маркаўца і нарадзілася ідэя  стварыць аб’яднанне мастакоў, якія б малявалі артэфакты Заслаўя, яго ўнікальныя ландшафты, аднаўлялі б у творах мастацтва яго старажытную гісторыю.

Штогод, пачынаючы з 2001 года, у Заслаўі праходзіць плэнэр маляванага дывана. Трэба адзначыць, што ўсю калекцыю  маляваных дываноў па выніках першага плэнэра,  перадалі ў дарунак Запаведніку, што дапоўніла калекцыю музея- адну з самых буйных калекцый маляваных дываноў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Экспазіцыю ачольвае партрэт Віктара Маркаўца і яго дываны, прысвечаныя гісторыі Заслаўя. У выставу ўключаны  некалькі маляванак з таго самага, першага пленэра ў Заслаўі, а такіх аб’яднанне “Мастак” здзейсніла  больш  за 20-ць. Гэта ўжо значная калекцыя, якую вазілі і дэманстравалі на выставах па ўсёй краіне –працэс працягваецца і пашыраецца .

Таццяна Маркавец-Гаранская — старшыня Творчага грамадскага аб’яднання “МАСТАК”.