“20- ГОД РАЗАМ”—юбілейная выстава ТГА “МАСТАК”.
У 2002 годзе была створана і зарэгістравана Мінюстам творчае аб’яднанне “Мастак”, якое працягвае сваю дзейнасць і зараз, ды й налічвае ў сваім складзе 55 чалавек . Ініцыятарам стварэння аб’яднання быў мастак Віктар Маркавец ( 5.08.1947- 17.09.2013). Усё жыццё Віктара Маркаўца -гэта ў першую чаргу жыццё з людзьмі і жыццё для людзей. Ён дапамагаў пачынаючым творцам станавіцца мастакамі – працаваў выкладчыкам у вучэльні імя Глебава, і ў БДТМІ.
Калі Віктар пасяліўся ў Заслаўі, звярнуў увагу на тое, што ў горадзе жыве і працуе шмат мастакоў. Тады ў Маркаўца і нарадзілася ідэя стварыць аб’яднанне мастакоў, якія б малявалі артэфакты Заслаўя, яго ўнікальныя ландшафты, аднаўлялі б у творах мастацтва яго старажытную гісторыю.
Штогод, пачынаючы з 2001 года, у Заслаўі праходзіць плэнэр маляванага дывана. Трэба адзначыць, што ўсю калекцыю маляваных дываноў па выніках першага плэнэра, перадалі ў дарунак Запаведніку, што дапоўніла калекцыю музея- адну з самых буйных калекцый маляваных дываноў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Экспазіцыю ачольвае партрэт Віктара Маркаўца і яго дываны, прысвечаныя гісторыі Заслаўя. У выставу ўключаны некалькі маляванак з таго самага, першага пленэра ў Заслаўі, а такіх аб’яднанне “Мастак” здзейсніла больш за 20-ць. Гэта ўжо значная калекцыя, якую вазілі і дэманстравалі на выставах па ўсёй краіне –працэс працягваецца і пашыраецца .
Таццяна Маркавец-Гаранская — старшыня Творчага грамадскага аб’яднання “МАСТАК”.