Гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе” запрашае на персанальную выставу Анастасіі Балыш

“Асоба”

 

На часовай экспазіцыі будуць прадстаўлены партрэты выбітных дзеячаў беларускай культуры розных стагоддзяў, створаныя заслаўскай мастачкай Анастасіяй Балыш.

Цэнтральнай асобай выставачнага праекта з’яўляецца Ян Барэйка Ходзька – паэт, пісьменнік, драматург, грамадскі дзеяч. Ураджэнец беларускага мястэчка Крывічы, ён прысвяціў сваё жыццё служэнню роднаму краю. Пасля ссылкі царскімі ўладамі ў Сібір ён вярнуўся на Радзіму, і пасяліўся недалёка ад Заслаўя – у фальварку Раговічы. На заслаўскай зямлі застаўся назаўжды – Ян  Ходзька быў пахаваны ў Заслаўі каля касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.  24 чэрвеня святкуецца 245 год з дня яго нараджэння.

Выстава “Асоба” – праект, над якім А. Балыш працавала працяглы час, і цяпер мы маем выдатную магчымасць спазнаць плён яе працы, і ў Год гістарычнай памяці ўспомніць імёны знакамітых асоб Беларусі.