Выстава “Свет вачыма дзяцей”, прысвечаная Сусветнаму дню распаўсюджвання інфармацыі аб праблеме аўтызму, які вызначаны рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН і адзначаецца, пачынаючы з 2008 года, штогод 2 красавіка.
Выстава была задуманая як сацыяльны праект, закліканы расказаць і нагадаць пра такіх дзяцей, расказаць пра асаблівасці іх развіцця, зняць стыгму з “іншых” дзяцей, якіх не варта баяцца — трэба проста ведаць пра іх і ведаць, як сябе з імі паводзіць, распавядаць пра гэта сваім дзецям, бацькам, сябрам і знаёмым. Аўтызм — шырока распаўсюджаны ва ўсіх рэгіёнах свету і непаразуменне асаблівасцяў такіх людзей мае істотныя негатыўныя наступствы. Хвароба ўяўляе пастаяннае парушэнне ў развіцці нервовай сістэмы, якое выяўляецца ў раннім дзяцінстве і не залежыць ад полу, расавай прыналежнасці або сацыяльна-эканамічнага статусу.
Пры ўмове належнай падтрымкі, уліку патрэб і добразычлівага стаўлення людзі, якія пакутуюць на гэтае неўралагічнае адхіленне, могуць карыстацца роўнымі магчымасцямі, паўнапраўна і прадуктыўна ўдзельнічаць у жыцці грамадства.
Людзі з аўтызмам не небяспечныя для навакольных. Больш за тое, у нязначнай ступені аўтычная рысы ёсць у большасці людзей, якія жывуць сярод нас. Пры правільнай рэабілітацыі некаторыя людзі з аўтызмам здольныя весці самастойнае жыццё, мець сям’ю і сяброў. Галоўнай задачай бацькоў і педагогаў з’яўляецца развіццё самастойнасці ў дзяцей з аўтызмам і іх наступная інтэграцыя ў жыццё грамадства. Яны валодаюць велізарным творчым і інтэлектуальным патэнцыялам, які мы не павінны губляць.
На выставе прадстаўленыя працы дзяцей, якія займаюцца ў майстэрні “Добрая справа”. МДГА “Добрая справа. Дапамога людзям з аўтызмам”, якая працуе ў Беларусі з 2015 года. Дзейнасцю арганізацыі ахоплена каля 200 сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з аўтызмам.
 Майстэрня — гэта паўнавартасная пляцоўка для сацыялізацыі і развіцця дзяцей з аўтызмам. Тут яны набываюць практычныя навыкі працы з рознымі матэрыяламі, вырабляюць керамічныя вырабы, робяць мазаіку, займаюцца маляваннем і анімацыяй. Акрамя таго, у сетку раскладу ўключаныя заняткі па камунікацыі і сацыяльна-бытавой адаптацыі. Гэта дапамагае дзецям стаць больш самастойнымі, развівае навыкі зносін, сумеснай працы і самаабслугоўвання. Заняткі ў майстэрні праводзяцца кожны буды дзень. Каманда майстэрні — гэта спецыялісты суправаджэння, псіхолагі і педагогі, прафесійныя мастакі і дызайнеры. Супрацоўнікі валодаюць асновамі прыкладнога аналізу паводзін, яны ўвесь час развіваюцца і павышаюць сваю кваліфікацыю.
Праект ніколі не разглядаўся як гурток па маляванню і лепцы. Каманда ўвесь час працуе над тым, каб майстэрня ператварылася ў “Дом”, які спачатку стане месцам дзённага знаходжання і навучальнай творчасці, а затым — суправаджанага пражывання. Мэта — адкрыць такі “Дом” для людзей з аўтызмам, стварыць унікальную прастору, дзе яны змогуць жыць і працаваць. Дзякуючы праекту людзі з аўтызмам стануць патрэбныя грамадству, у іх будзе дом і занятасць, а не пакой у псіханеўралагічным інтэрнаце. Яны будуць жыць звычайным жыццём, развівацца і рэалізоўваць сябе. Гэта здаровая альтэрнатыва сучаснаму становішчу людзей з аўтызмам у грамадстве, якія маюць мноства сацыяльных абмежаванняў і ў якіх нізкая якасць жыцця.
Хочацца верыць, што гуманная мадэль “Дома” суправаджанага пражывання дасё надзею на будучыню дзецям з аўтызмам, павысіць якасць жыцця іх сем’яў і ўзровень развіцця нашага грамадства ў цэлым.
Таксама на выставе прадстаўлены работы навучэнцаў Заслаўскай дзіцячай школы мастацтваў, мастацкаму аддзяленню якой у 2022 годзе споўнілася 35 гадоў.
А 35 гадоў аддзялення — гэта тысячы гадзін урокаў жывапісу і пленэраў і сотні таленавітых дзяцей, якія развілі творчыя здольнасці. Сярод педагогаў, работы гадаванцаў якіх прадстаўлены на выставе, хочацца адзначыць Таццяну Мядзведзь, Ларысу Сакалову, Алену Тукач, Ліліяну Гудаву.
Прадстаўленыя на выставе творы абсалютна розныя — трэба толькі паспрабаваць знайсці месца кожнаму ў яго ўнікальнасці і непадобнасці. Мы розныя, але мы разам!