Кудзеля
Вузельчыкі. Год трансфармацыі
Выстава-развага Кацярыны Жучэнка
7 кастрычніка – 2 лістапада 2025
Асабістая…
Кранальная…
Шчырая…
Выстава Кацярыны Жучэнка „Кудзеля / Вузельчыкі. Год трансфармацыі“ — развагі пра вельмі асабістае, пра вельмі ўразлівае…
Гэта працяг леташняга праекту Кацярыны “Вузельчыкі на памяць”, які экспанаваўся ў галерэі Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі. Але гэта не паўтор — раскрыццё ды развіццё… На працягу 2023–2024 гадоў яна лавіла выпадковыя моманты ды фіксавала іх, пакуль тыя не знікалі, пакуль яны не былі страчаныя ў мітусні, шукала іх сэнс.
У гэтым годзе яна засталася сам-насам са сваімі працамі нібы з дзённікам. І праект ператварыўся ў павуцінне новых нейронавых сувязяў, якія паступова зменьваюць яе жыццё. Новая глыбіня разваг і новы пошук сябе.
Хуткае пісьмо мастачкі — бы “аўтаматычнае пісьмо” ў псіхааналізе… У жывапісных скетчах праекта важная не столькі тэхніка — не яе пільнуе мастачка ў сваіх творах, хаця тэхніка тут дасціпная ды педантычная. У праекце “Кудзеля” Кацярыны важная рэцэпцыя вонкавага ва ўнутраны сусвет мастачкі і зваротнае ягонае апублічванне праз артвыказванне — жывапісныя скетчы, інсталяцыі, вузельчыкі… Вузельчыкі на памяць…
Больш пра праект here