„ЗЯМЛЯ ЗАСЛАЎСКАЯ“
Барыс Аракчэеў (1926–2013)
100-я ўгодкі з нараджэння Барыса Уладзіміравіча Аракчэева сям’я мастака распачынае выставай у Заслаўі.
Сюды жывапісец выязджаў на пленэры з 1975 па 1981, плёнам чаго стала серыя маляўнічых эцюдаў. Заслаўскія краявіды натхнілі мастака на стварэнне вялікага палатна „Зямля Заслаўская“ (1985), якое зараз захоўваецца ў фондах Беларускага саюза мастакоў.
А ў 1986 Барыс Аракчэеў стварыў яшчэ адзін твор, прысвечаны старадаўняму мястэчку — „Заслаўе. У восеньскім адзенні“, пра які напісаў:
„На звонкім сінім небе ружова-светлыя сцены, ружовыя аблокі ляцяць па звонка-сінім небе… Справа закрывае кампазіцыю аранжава-чырвонае старое з шырокай кронай магутнае дрэва з зялёна-умбрыстым вялікім ствалом са мноствам разгалінаванняў. На яго фоне тры сарокі белымі плямамі з чорнымі доўгімі хвастамі і чорнымі кавалачкамі кончыкаў крылаў. Адна сарока вырвалася наперад…“.
Экспазіцыя складаецца з двух частак. Першая — гэта эцюды Заслаўя з розных ракурсаў. Тут можна бачыць горад 1970-х, калі яшчэ ішла рэстаўрацыя былога кальвінскага збору, а непадалёк паўставалі руіны колішняга марыінскага касцёла. Эцюды мастак пісаў з рыштаванняў збору — адтуль адкрывалася панарама ўсяго мястэчка са станцыяй, стадыёнам і безліччу хацінак.
Другая частка выставы — краявіды беларускіх вёсак і мястэчак, якія былі напісаныя падчас летніх практык, на якія педагог Аракчэеў ездзіў са сваімі студэнтамі. Тут можна ўбачыць Ракаў, Чэрыкаў, Крычаў, Манькавічы, Повязынь, рэкі Свіслач, Сож, Друць.
Барыс Аракчэеў — адзін з найбольш вядомых беларускіх мастакоў сучаснасці. Ён нарадзіўся ў далёкай вёсцы Турбанава цяперашняй Яраслаўскай вобласці Расіі 10 красавіка 1926.
Зведаў ліхалецце Другой сусветнай вайны, ваяваў.
Пасля вайны трапіў у Беларусь — спачатку ў Бабруйск, а пасля і ў Мінск. Тут ён застаўся на заўсёды — зрадніўся з галоўным горадам краіны, стаў сапраўдным шчырым мінчуком.
Тут жа ў 1950-м ён паступіў Мінскую мастацкую вучэльню (цяпер — Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. Глебава), тут навучаўся ў Віталя Цвіркі ў тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Аднакурснікі — спрэс лепшыя мастакі паваеннай Беларусі: Анатоль Анікейчык, Віктар Грамыка, Арлен Кашкурэвіч, Леанід Шчамялёў…
Тут ён тварыў… Адсюль жа часта прыязджаў у суседняе Заслаўе “на эцюды”… Тут ён пісаў прысвечаныя нашаму мястэчку карціны… Тут ён стварыў свае лепшыя творы…
Часовая экспазіцыя „Зямля Заслаўская“, прысвечаная юбілею маэстра, праходзіць у рамках святкавання 1040-х угодак аднаго з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі. Тут прадстаўленыя творы з калекцыі сям’і мастака, а таксама з музейнага збору Гісторыка-культурнага музея-запаведніка „Заслаўе“