У сваёй дзейнасці музей прытрымліваецца новых напрамкаў у экскурсійна-выхаваўчай рабоце. Тэатралізаваныя экскурсіі ставяць мэтай прыцягнуць увагу да беларускай народнай культуры не толькі матэрыяльнай, але і духоўнай. Нашы продкі, карыстаючыся вопытам пакаленняў, сфарміравалі цэлую сістэму поглядаў на жыццё, на залежнасць усяго жывога ад прыродных сіл, стыхій. Імкненне ўздзейнічаць на гэтыя сілы вылілася ў цэлы комплекс абрадаў і абрадавых дзеянняў, якія музей-запаведнік адраджае ў форме тэатралізаваных экскурсій. Большая іх частка праводзіцца ў адпаведнасці з народным каляндаром.

“У госці да млынара” – так называецца  адна з тэатралізаваных экскурсій музея-запаведніка. Сумны расказ аб тэхналагічным працэсе памола ператвараецца ў захапляльнае апавяданне, калі гучыць з вуснаў самаго млынара. А вось і ён, абсыпаны мучным пылам, сустракае гасцей, каб паказаць свае ўладанні. Побач з млыном размясціўся свіран. І тут мае быць яшчэ адна сустрэча – з цёмнага кутка  крэхчучы і войкаючы з’яўляецца Свірнік. Нашы продкі гэтаму міфалагічнаму персанажу давяралі самае галоўнае – захоўваць хлеб.

Яшчэ з адной старонкай старажытнай беларускай гісторыі – язычніцкай – знаёміць тэатралізаваная экскурсія “Падарожжа ў зачараваны лес”, якая праводзіцца ў Дзіцячым музеі міфалогіі і лесу. У паўцемры яго залы ўзнікаюць перад намі лясныя духі – Хатнік, Балотнік, Лесавік, Лясны дзядок, Ваўкалак, таксама ёсць тут птушкі і звяры. А вось з цемры з’яўляецца гаспадыня “зачараванага леса” – чараўніца Рагана, якая можа распавесці гасцям аб звычках жывёл і птушак, а таксама навучыць задобрываць лясных духаў.

Тэатралізаваныя экскурсіі дазваляюць больш поўна прадставіць жыццё нашых продкаў, паглыбіцца ў пэўную эпоху, бо госці становяцца паўнапраўнымі ўдзельнікамі дзеяння, а не пасіўнымі сузіральнікамі. Так ужо склалася гістарычна, што карані большасці беларусаў у вёсцы. Знаходзячыся ў інтэр’еры вясковай хаты, прымаючы ўдзел у народных гульнях або проста слухаючы старыя беларускія спевы, мы ўсталёўваем нябачную сувязь паміж былым і сучасным, сувязь з сваімі каранямі.

Інэса Сабалеўская