Музей быў адкрыты ў верасні 2005 года ў будынку Заслаўскага лясніцтва.

Экспазіцыя пачынаецца з галерэі міфічных вобразаў, увасобленых у выцінанках (выразаных з паперы карцінах) Л. Чырвонцавай. На іх – выявы  міфалагічных персанажаў, якія, па меркаванні нашых продкаў, насялялі навакольны свет. Галерэя павольна накіроўвае наведвальнікаў у незвычайную музейную залу, напоўненую таямнічымі, чароўнымі гукамі прыроды.

Невялікая прастора музея ўмоўна падзелена сцяжынкай на дзве паловы. З аднаго боку – міфічны  лес, з цемры якога выглядае Лясун – захавальнік  лесу. Побач з ім – Лясны  дзядок, тут жа  на вялікім камені дрэмле Вужыны цар. З балота высунуў страшную галаву Балотнік, а над ім на дрэве сядзіць русалка. Са свайго кута за ўсімі пільна сочыць Ваўкалак – чалавек-пярэварацень, які на пэўны час прымае аблічча ваўка.

Побач з міфічнымі персанажамі мірна ўжываюцца птушкі і звяры-насельнікі рэальнага лесу.

Сцяжынка прыводзіць у леснічоўку, у якой гасцей сустракае добры захавальнік хатняга спакою Дамавік.

Адзіны ў Беларусі Дзіцячы музей міфалогіі і лесу нікога не пакідае абыякавым – ні  дзяцей, ні дарослых.

Замовіць наведванне музея і набыць квіткі можна толькі ў музейна-выставачным комплексе па адрасе Рынкавая, 4.