Асноўнай тэмай творчасці Міхаіла Нуднова з’яўляецца прырода, якая зачароўвае сваёй прыгажосцю. У ёй мастака прыцягваюць маляўнічыя пейзажы роднага наваколля, у якіх асаблівую ролю для яго іграе сонечнае святло, патаемнасць некранутай прыроды, глыбіня рачулак, азёр, сажалак. Асабліва зачароўвае імгненная зменлівасць, мігаценне святла, навакольнае асяроддзе. Паспець ўхапіць і адлюстраваць сваё стаўленне да ўбачанага – вось што займае майстра ў момант стварэння яго твораў. Творы Міхаіла Нуднова знаходзяцца ў мастацкіх галерэях, прыватных калекцыях, а таксама фондах музеяў Беларусі.