Асаблівае месца ў творчасці Лявона Іванавіча займае пейзаж. Нельга не заўважыць пяшчотныя, вельмі беражлівыя адносіны мастака да роднай прыроды. Для яго яна – не “аб’ект чалавечай дзейнасці”, гэта наш дом, які мы можам ці захаваць, ці страціць, як згубілі рай. Ў пейзажах мастак не назірае за прыродай зводдаль, збоку, ён знаходзіцца ў іх саміх, а разам з ім і глядач. Намаляваная прырода вельмі блізка, да яе можна рукой дастаць.

Кожны пейзаж у прыродзе непаўторны. Так зладжана наша зямля, але пейзажы Грышука нешта аб’ядноўвае. Вядома, гэта ў першую чаргу стыль, пэндзаль мастака. Фарбы на палотнах чыстыя і выразныя, але важней вось што. Яго пейзажы не проста лірычныя, яны не толькі адлюстроўваюць той ці іншы зменлівы настрой мастака. Лявон Іванавіч амаль заўсёды выказвае сваю радасць ад бачання стварэння Божага. Мастак шчаслівы. Гэта відавочна. У пейзажы ён размаўляе з Тварцом, і размова гэта не на рацыянальным узроўні. Вышэйшая гутарка з Богам – гэта сувязь эмацыянальная. Сэрца мастака наўпрост зносіцца з Богам.