Першая старонка кнігі паступленняў, першы нумар, пазначаны 16 снежня 1988 г. – маляваны дыван “Краявід з балюстрадай” (1950-54), створаны геніяльным творцай Язэпам Драздовічам.
Сімвалічна, што праз больш чым 30 гадоў прадмет запісаны пад нумарам 1 у кнізе паступленняў асноўнага фонда гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе” з’явіцца першакрыніцай для стварэння музея беларускай маляванкі, праца па адкрыцці якога ў бягучым годзе вядзецца супрацоўнікамі музея-запаведніка.
Сюжэт дывана складаюць характэрныя для прац Драздовіча элементы: замак, месяц і возера. Мы бачым нібыта чароўную “арку-вакно” ў старажытную і таямнічую мінуўшчыну беларускай зямлі. Вакол “аркі” намаляваная багатая аздоба – выявы фруктаў, матылёў, ваз з кветкамі, а таксама арнамент. Гэта адлюстраванне або казкі, або легенды, якую кожны глядач мае адкрыць для сябе сам.

А які быў #первыйКП у Вас?
!Далучайцеся!