Нарадзіўся Віктар Мікалаевіч Данілаў у г. Сучан Прыморскага краю, Расія. У 1970 годзе скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педінстытута. Вучыўся ў вядомых педагогаў Івана Сталярова і Рыгора Клікушына.

У свой час Віктар Данілаў быў настаўнікам малявання ў сярэдняй школе, выкладаў выяўленчае мастацтва на факультэце пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ім. Максіма Танка, працаваў на пасадах старшага выкладчыка і дацэнта кафедры эстэтычнай адукацыі. Ён напісаў дзясяткі навукова-метадычных распрацовак, тыпавых і аўтарскіх навучальных праграм, распрацаваў і ўкараніў у практыку аўтарскія курсы «урокі творчасці» для настаўнікаў выяўленчага мастацтва.У мастацкіх выставах як графік і жывапісец Віктар Данілаў удзельнічае з 1968 г.

Персанальныя выставы мастака неаднаразова праходзілі ў Беларусі (Мінск, Віцебск, Нясвіж, Заслаўе) і Расіі (Масква, Пскоў, Вялікія Лукі). Работы мастака знаходзяцца ў фондах музеяў Самарканда, Пскова, Мінска, Заслаўя, Нясвіжа і прыватных калекцыях у Расіі, Англіі, ЗША, Польшчы і іншых краінах. З 1992 года Віктар Данілаў -член Міжнароднай Гільдыі жывапісцаў. Ён працуе ў жанры пейзажу і нацюрморта, вядомы як графік і акварэліст. Мастак шмат падарожнічае. Найбольш яркія ўражанні ад паездак знайшлі адлюстраванне ў яго малюнках, гравюрах і карцінах. У творчай скарбонцы Віктара Мікалаевіча шмат карцін, прысвечаных старажытнай архітэктуры Беларусі (мір, Заслаўе, Нясвіж, Полацк) і Расіі (Пскоў, Вялікія Лукі).