Так склаўся лёс, што Барыс Міхайлавіч не мог прысвяціць сябе цалкам свайму любімаму захапленню –  маляванню,  ніколі і нідзе гэтаму не вучыўся. Не стаўшы прафесійным мастаком, маляванне, тым не менш, не закінуў і ў сваіх карцінах здолеў выказаць шчырую любоў да роднай зямлі. На яго думку, для шчасця чалавеку дастаткова ўмець знаходзіць радасць у простых рэчах, якія жыццё дорыць нам кожны дзень – прамень сонца і цудоўнае паветра пасля дажджу, шум соснаў на беразе чыстага возера, усмешкі родных і блізкіх людзей. Як чалавек ваенны, афіцэр, ён выдатна разумее, што трэба шанаваць мір на гэтай зямлі і імкнецца данесці сваю думку праз творчасць.