Казкі на ноч
Персанальны выставачны праект Аляксандры Галенка
Серыя работ прадстаўленая карцінамі і інсталяцыямі, выкананымі з розных матэрыялаў. Кожны твор расказвае казку пра персанажа або пра месца і суправаджаецца тэкставай казкай. Усе персанажы з’яўляюцца героямі асобнага сусвету, які стварыла мастачка. Для найбольшага ўключэння ў атмасферу праекта наведвальнік зможа праслухаць аўдыягід, запісаны голасам Аляксандры.
— Хочаце, я раскажу вам казкі? Казкі на ноч. Гэта будуць казкі пра Сонца-пяюнку і пра Месяц шчаслівы, пра бясконцы Акіян, пра адважнага Льва, быць можа, калісьці нават пра Смерць … І шмат іншых казак, якія я сустрэну на жыццёвым шляху
Аляксандра Галенка — мастачка-артыстка. Яна стваральніца і галоўная геройка сваіх работ. Тут яна — акцёр, сцэнарыст, аператар і, вядома, галоўны рэжысёр. Яе мастацтва — гэта гульнёвае кіно, заснаванае на рэальных падзеях.
Аляксандра стварае персанажаў са свайго досведу. Пра кожнага героя яна здымае кіно даўжынёю ў адзін кадр, але кадр гэты не зняты на камеру, а нанесены на палатно. Намаляваныя кадры мастачка выбудоўвае ў новы сусвет!
Усе работы — гэта альтэр эга Аляксандры. Кожны твор — гэта яе частка, нябачная іншым. Кожная гісторыя — гэта яе гісторыя. Менавіта таму яна выбірае партрэт як найбольш выразны спосаб перадаць свой стан і характар.
Для мастачкі таксама важна шукаць баланс паміж ідэяй і візуалом. Кожны кадр яе фільма мае быць эстэтычным. Дзякуючы гэтаму атрымоўваецца стварыць унікальны сусвет і расказаць пра тое, што немагчыма апісаць словамі. Аляксандра запрашае гледача ў вялікае падарожжа, дзе на яго чакаюць неверагодныя прыгоды, захапленне і зыркія эмоцыі!
Больш падрабязна пра серыю „Казкі на ноч“ можна праслухаць у аўдыягідзе па спасылцы тут