Гарадзішча «Замэчак» у Заслаўі – унікальны помнік археалогіі Х ст. На вяршыні ўзгорка, які на 24 м узвышаецца над балоцістай поймай ракі Чарніцы, быў узведзены кальцавы вал, на грэбні якога была зрубная абарончая сцяна з баявымі пляцоўкамі, якія дазвалялі лучнікам весці кругавы абстрэл. Падыходы да знешніх схілаў крэпасці заступалі бязводны роў і нахілены ў бок ворага частакол, уезд на пляцоўку абараняўся брамай-вежай. Правільная геаметрычная форма ўмацаванняў была аптымальнай для вядомай у тыя часы тактыкі захопу і абароны. На ўнутранай пляцоўцы гарадзішча размяшчаліся ў адзін – два рады зрубныя дамы, у якіх жылі дружыннікі з сем’ямі. Патрэбы фарпоста задавальняў гандлёва-рамесны пасад, які размяшчаўся на беразе Свіслачы.
Заснаванне і назва горада непасрэдна звязаны са старадаўнім паданнем аб непакорлівай князёўне Рагнедзе (960?-1000), дачцы ўладара Полацкага княства Рагвалода. Аповесць мінулых гадоў, а ўслед за ёй і Лаўрэнцьеўскі летапіс падрабязна распавядаюць аб гэтых падзеях. У 978 г. наўгародскі князь Уладзімір Святаславіч (будучы Хрысціцель Кіеўскай Русі) захапіў Полацк, забіў Рагвалода і двух яго сыноў, а дачку Рагнеду сілай узяў у жонкі, і даў ёй новае імя – Гарыслава. Нават пасля нараджэння дзяцей Рагнеда не даравала мужу забойства бацькі і братоў, і ў адну з начэй здзейсніла замах на жыццё Уладзіміра, які завяршыўся няўдачай. Па звычаях тых часоў ёй пагражала смерць ад рукі мужа. Выратаваў Рагнеду малалетні сын Ізяслаў (979?-1001), які з мячом устаў паміж маці і бацькам. Уражаны адвагай сына, Уладзімір замяніў смяротнае пакаранне выгнаннем, і выслаў Рагнеду разам з Ізяславам далей ад Кіева, на ўскраіну полацкіх земляў. Пасяліў у вярхоўях Свіслачы, у памежнай крэпасці, якую ў гонар смелага княжыча загадаў назваць Ізяслаўлем. Адбываліся гэтыя падзеі ў 985 годзе, які лічыцца датай заснавання горада.
Сёння месца гэтага ўмацавання вядомае навукоўцам, жыхарам горада і наведвальнікам гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе” як гарадзішча “Замэчак”.