Гісторыя гарадзішча «Вал», вядомага таксама як Заслаўскі замак, пачынаецца на мяжы XI – XII стст. Гарадзішча ўзнікла на тэрыторыі правабярэжнага пасада і стала асноўным дзяцінцам горада з той нагоды, што разрыў паміж старой крэпасцю (гарадзішчам «Замэчак») і гандлёва-рамесніцкім пасадам на правым беразе Свіслачы ствараў пэўныя нязручнасці як у кіраванні, так і ў забеспячэнні бяспекі жыхароў паселішча.
Першапачаткова валы, насыпаныя з пяску, былі вышынёй 3-3,5 м. Іх унутраныя схілы ўмацоўвалі глінай і камянямі, а на асобных участках – драўлянымі канструкцыямі. Пляцоўка гарадзішча мела форму няправільнага чатырохвугольніка. На ім падчас раскопак знойдзены рэшткі зрубных пабудоў XII – XVII стст.
Пасля пажару, які адбыўся ў Ізяслаўі ў 1127 г. у сувязі з нападам войска кіеўскага князя Мсціслава Ўладзіміравіча, што рухаліся на Полацк, дзяцінец горада хутка адрадзіўся. На валах былі ўзведзены новыя драўляныя абарончыя сцены з забароламі – праёмамі для стральбы з лука.
У другой палове XVI – XVII ст. адбыліся значныя змены ў сферы ўзбраення, тактыцы аблогі і абароны. Велізарнае значэнне набыла агнястрэльная зброя. Гэта ў сваю чаргу выклікала істотнае ўдасканаленне абарончых умацаванняў: на тэрыторыі Беларусі ўкараняецца бастыённая сістэма фартыфікацыі.
У гэты перыяд (канец XVI ст.) адбываецца самая значная перабудова гарадзішча «Вал».Уласнік горада Ян Янавіч Глябовіч будуе бастыённы замак, пашыраючы замкавую плошчу да 1,5 га. Вышыня валоў дасягнула 8-9,5 м або 15 м, калі лічыць ад дна рова. Даўжыня курцін вала склала 188, 166, 90 і 60 м. Курціны па вуглах фланкіраваліся чатырма бастыёнамі. Яшчэ два паўкруглых бастыёны (паўночны і паўднёвы) засцерагалі падыходы да ўяздных мураваных брамаў. Галоўныя вароты былі пабудаваны двухпавярховымі з таўшчынёй фасаднай сцяны 2,4 м. Пры дапамозе плацін на рэках Свіслач і Чарніца замкавы роў і прызамкавыя нізіны былі запоўнены вадой штучнага возера. Такім чынам, замак ператварыўся ва ўмацаванне астраўнога тыпу. На восі, якая злучае абодва ўезды ў Заслаўскі замак, быў узведзены парадны палац – рэзідэнцыя ўладальніка.
На тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага Заслаўскі замак быў першым абарончым збудаваннем падобнага тыпу. (Другі па часе быў комплекс, узведзены Радзівілам «Сіроткам» у Нясвіжы).
Пры Глябовічах Заслаўе пераўтвараецца ў даволі заможны феадальны горад, у якім квітнелі амаль усе вядомыя на той час рамёствы.
КАЛЬВІНСКІ ЗБОР
Да нашых дзён з усіх мураваных збудаванняў Заслаўскага замка, пастаўленых па фундацыі Яна Янавіча Глябовіча ў канцы XVI ст., захаваўся толькі рэфарматарскі храм – кальвінскі збор. У якасці кальвінскага збору храм функцыянаваў нядоўга. Сын Яна Янавіча – Мікалай Глябовіч перадаў яго каталікам, пераасвяціўшы ў касцёл Св. Арханёла Міхаіла (1626 г.) А пасля падаўлення паўстання 1830-31 гг. і разрыву царкоўнай уніі з Рымам у 1839 г., храм трапляе ў склад Мінскай царкоўнай епархіі і асвячаецца як Спаса-Праабражэнская царква.
У 1864-1865 гадах Праабражэнская царква была капітальна адрамантаваная. Дзейнічала да сярэдзіны 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Пасля закрыцця і да вайны ў будынку храма размяшчаўся мучны склад. У 1968-1977 гадах будынак быў адрэстаўраваны і ў ім размясціўся філіял Дзяржаўнага музея БССР – Музей рамёстваў і народных промыслаў Беларусі. У снежні 1990 г. храм перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату.
22 верасня 2014 года ў сувязі з пераўтварэннем межаў Мінскай епархіі рашэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы горад Заслаўе вызначаны другім кафедральным горадам Мінскай епархіі. У сувязі з гэтым 3 сакавіка 2015 года мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел (Панамароў) вызначыў Праабражэнскі храм у горадзе Заслаўі ў якасці другога кафедральнага сабора Мінскай епархіі. Першы – Свята-Духаў кафедральны сабор у Мінску.
Нягледзячы на ўсе пераасвячэнні храм захаваў лаканічны готыка-рэнесансны воблік. Ўзводзіўся ён у перыяд пастаяннай пагрозы агрэсіі знешніх ворагаў, падчас працяглых феадальных сутычак, што абумовіла ўзнікненне так званых “храмаў-крэпасцяў”, магутныя сцены якіх абаранялі ад непрыяцеля. Храм ўяўляе сабой невялікі бесстоўпны, безапсідны, прастакутны будынак з 35-метровай вежай. У падмурку вежа-званіца квадратная, а ў наступных ярусах-васьмігранная. На вышыні 35 метраў яна завяршаецца шатровым дахам.