Каменны касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі пабудаваны на сродкі Антонія Тадэвуша Пшаздзецкага (1718-1772), уладальніка Заслаўскага графства. Будаўніцтва асноўнага масіва касцёла адбылося паміж 1760 г., калі Антоній завяршыў маёмасныя справы па набыцці графства, і 1772 г., калі магнат памёр у Варшаве.

З яго тэстаменту вынікае, што па стане на 1772 г. будаўнічыя працы ў касцёле яшчэ не былі скончаны. Абавязкі па іх завяршэнні Антоній усклаў на сваіх сыноў – Міхала і Дамініка. Ёсць версія, што аздабленнем храма кіраваў наняты Пшаздзецкімі на службу італьянскі дойлід Карла Спампані. Для працы ў Заслаўскім касцёле ім былі запрошаныя вядомыя ў Рэчы Паспалітай мастакі: скульптар Караль Ельскі і жывапісец Антоній Смуглевіч.

Касцёл уяўляе сабой аднанефны будынак з выцягнутай апсідай прэсбітэрыя. Па баках да храма прымыкаюць дзве сакрыстыі. Дамінантай архітэктурна-вобразнай кампазіцыі касцёла, аднесенага мастацтвазнаўцамі ў шэраг каштоўных помнікаў позняга барока, з’яўляецца галоўны (заходні) фасад, які адрозніваецца гнуткай глыбінна-прасторавай структурай.

Ролю сакральнага цэнтра інтэр’ера выконвалі тры алтары. Галоўны быў каменным, аздобленым ляпным дэкорам, у ім знаходзіўся абраз Найсвяцейшай Панны Марыі. Бакавыя алтары, драўляныя, упрыгожаныя разьбой, дапаўнялі галоўную святыню абразамі ўкрыжаванага Хрыста і Святога Антонія.

Пасля задушэння паўстання 1863-1864 гг. храм быў перададзены праваслаўнай царкве і асвечаны ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы (1868 г.). Неўзабаве пасля гэтага касцёльны будынак прыцярпеў значную перабудову ў візантыйска-рускім стылі. Так цэнтральная частка галоўнага фасада стала завяршацца невялікай чацверыковай вежай-званіцай, а над нефам быў узведзены вялікі купал на светлавым барабане.

У 1920-я гады царква Раства Найсвяцейшай Багародзіцы была абследаваная спецыялістамі Інстытута беларускай культуры і ў 1926 годзе па пастанове СНК БССР была прынятая пад дзяржаўную ахову і набыла статус помніка архітэктуры.

Царква Раства Прасвятой Багародзіцы праіснавала да 1944 г., калі ў выніку баявых дзеянняў будынак храма быў значна пашкоджаны – засталіся толькі каменныя сцены. З канца 1980-х гг. ў былым Заслаўскім парафіяльным касцёле вяліся рэстаўрацыйныя работы. У 2003 годзе храм вернуты каталікам.