+375 (17)no skype addon 544 11 52

Мы працуем:

9:00 - 17:00 акрамя Пн.

Заслаўе

Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе"

Музей-ДОТ

Мінскі ўмацаваны раён быў часткай абарончай зоны заходніх прымежных акругаў, якія ствараліся з канца 1920-х гг. да 1940 г. па старой мяжы СССР. Асноўная частка дотаў (доўгачасовых агнявых пунктаў) – 294 адзінкі – была пабудавана ў перыяд 1932-1934 гг. Умацаваны раён пачынаўся паўночней Плешчаніц і праходзіў праз Заслаўе і Дзяржынск за Станькава, з агульнай працягласцю па фронту каля 140 км.  Пасля пераносу мяжы на захад у верасні 1939 г.большасць дотаў была закансервавана.  Размешчаны ў ваколіцах Заслаўя 7-ы батальённы раён абароны прыкрываў левы фланг Маладзечанскага накірунку і стык з Ракаўскім накірункам.

Пярэдняя мяжа працягласцю 12 км і глыбінёй 5 км праходзіла паблізу вёсак Хмелеўка, Вязынка, Варашылы і Крылава, у некаторых месцах у 2,5 км ад дзяржаўнай мяжы. Усяго ў Заслаўскім батальённым раёне знаходзіліся 3 артылерыйскіх дота з двума 76-мм гарматамі, адна процітанкавая кропка, узброеная 45-мм гарматай у танкавай вежы Т-26, і 27 кулямётных агнявых пунктаў з 68 станковымі і 53 ручнымі кулямётамі.

Большасць дотаў удзельнічала ў баях пад Заслаўем у чэрвені 1941 г. і мае баявыя пашкоджанні. Некаторыя агнявыя кропкі пратрымаліся ад двух да чатырох суткаў. Яны стрымлівалі наступ ворага на Мінск і нанеслі яму немалыя страты.  Музіфікаваны запаведнікам трохамбразурны агнявы пункт № 115 мае таўшчыню стенаў 90 см.

Гэта забяспечвала абарону ад снарадаў 122-мм гаўбіцы. Пункт быў узброены трыма станковымі кулямётамі "максім" на спецыяльных станках сістэмы Гарнасталева, з цэнтральнай сістэмай астуджэння, і адным ручным кулямётам сістэмы Дзегцярова. Баявы камплект складаўся з 28500 патронаў.

Для кругавога агляду быў усталяваны перыскоп. Адвод парахавых газаў пры інтэнсіўнай стральбе забяспечвала фільтра-вентыляцыйная ўстаноўка.

Гарнізон агнявога пункта складаўся з 12 чырвонаармейцаў.