+375 (17)no skype addon 544 11 52

Мы працуем:

9:00 - 17:00 акрамя Пн.

Заслаўе

Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе"

Палацава-паркавы комплекс Пшаздзецкіх

У канцы XVII-першай палове XVIIІ стст. Заслаўе, якім па тым часе валодалі Сапегі, трапіла ў кола асаблівых інтарэсаў магнатаў Пшаздзецкіх: у 1693 г. Юры Станіслаў Сапега (1668-1732) перадае ў заставу Аляксандру Пшаздзецкаму (1660-1732) "…добра Заслаўскія". Пасля смерці апошняга ўладара Заслаўя па лініі Сапегаў Аляксандра Паўла (1672-1734) уся маёмасць цалкам перайшла ва ўладанне да Антонія Тадэвуша Пшаздзецкага (1718-1772): частку ён выкупіў ў крэдытораў Сапегаў і далучыў іх да графства, усталяваўшы яго папярэднія памеры; другую частку на працягу 1753-1770 гадоў магнат выкупіў ва ўдавы Аляксандра Паўла Сапегі – Караліны Тэрэзы Сапегі з Радзівілаў.

Палацавы комплекс Антоні Тадэвуш Пшаздзецкі задумаў вялікім і велічным, каб адпавядаў самапачуванню яго ўласнай годнасці і моцы як дзяржаўніка. Гэта адпавядала густам і традыцыі эпохі Барока, у якую жыў магнат. І хаця часы здзяйсненя гэтых задумаў неслі ўжо іншыя тэндэнцыі, бо сітуацыя ў краіне ў апошняй чвэрці XVIIІ стагоддзя сутнасна змянілася, і нават буйныя магнаты ўзводзілі палацы аднапавярховымі, даволі камернага характару, нашчадкі Антонія Тадэвуша пры падтрымцы магутных родзічаў з вядомых магнацкіх родаў не знізілі узровень маштабу і велічы новага сямейнага асяродка коштам непапраўных для Пшаздзецкіх фінансавых страт, што ў выніку і справакавала продаж Заслаўскіх уладанняў па завяршэнні будаўніцтва палаца.

Да сёняшняга дня ў Заслаўі на жальл захаваліся невялікія фрагменты палацавых забудоў ля цяперашніх чыгуначнага вакзала і вуліцы Механізатараў, дзе размяшчаўся буйны прамыслова-гаспадарчы комплекс з гаспадарчымі забудовамі, рыбнымі сажалкамі, водалячэбніцай, будаўнічымі заводамі, цяпліцамі, конным заводам і сельска-гаспадарчымі палеткамі. Найболей каштоўным з ацалелых з’яўляецца будынак палацавага Эрмітажа, размешчанага ў Верхнім парку пры палацы Пшаздзецкіх (Дом дзіцячай творчасці па вуліцы Дачнай). У ім змяшчалася палацавая бібліятэка, карцінная галерэя і сцэна для тэатральных выступленняў пад час буйных ярмарак, што праводзіліся ў Заслаўі  чатыры разы на год  (паводле Прывілея, атрыманага ад караля Антоніем Тадэвушам Пшаздзецкім), і розных святаў.

Эрмітаж Пшаздзецкіх з’яўляўся кампазіцыйным і арганізацыйным цэнтрам Верхняга парку палаца Пшаздзецкіх, што мясціўся з левага флангу, і меў рэгулярны характар, фармаваўся з невялікіх купак дрэў, шматлікіх кветачных рабатак, што атачалі паркавую архітэктуру, фантаны і скульптуру (і парк, і палацавы комплекс забяспечвала вадой водаправодная сістэма, пабудаваная з драўляных жолабаў). У Верхнім парку размяшчаліся стацыянарныя драўляныя выставачныя павільёны, у якіх прадаваліся сельскагаспадарчая тэхніка, прадукцыя з гаспадарак Заслаўскага графства і, нават, прылады працы для мастакоў ды творы мастацтва.

Уздоўж дарогі, што ішла са старой часткі горада паралельна фасадам палаца, далей – за Верхнім і Ніжнім паркам, падоўжаным простакутнікам у плане размяшчаўся фруктовы сад.