+375 (17)no skype addon 544 11 52

Мы працуем:

9:00 - 17:00 акрамя Пн.

Заслаўе

Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе"

Курганныя могільнікі

З сярэдзіны X ст. да пачатку XII ст. курганныя могільнікі з'яўляліся арганічнай часткай планіроўкі сярэднявечнага Заслаўя. Яны былі не толькі месцам пахавання нябожчыкаў, але і ўяўлялі сабой язычніцкую сістэму поглядаў нашых далекіх продкаў на свет, у прыватнасці, культ памерлых. Як правіла, у раннім сярэднявеччы сакральная структура горада складалася з гарадзішча, паселка, курганных могільнікаў і паганскага капішча.

Заслаўскія курганныя пахаванні – земляныя насыпы паўсферычнай формы. Іх звычайныя памеры – 8-10 м у дыяметры і 1-1,5 м у вышыню.

У больш ранніх магілах хавалі астанкі спаленых нябожчыкаў, але ў большасці выпадкаў памерлых клалі на згаслае рытуальнае вогнішча і на попел насыпалі курган.

Звычайна побач з целам пакідалі розныя рэчы – упрыгожанні (скроневыя колцы, спражкі, шыйныя грыўны, каралі, падвескі), прадметы побыту (нажы, прасліцы, грабеньчыкі, гаршкі), прылады працы, манеты. Дружыннікаў хавалі разам са зброяй і амуніцыяй (дзідамі, сякерамі, булавамі, наборнымі паясамі).

Раней колькасць насыпаў у Заслаўі набліжалася да 1000 адзінак! Аднак жа захаваліся звесткі толькі аб 367 курганах, з іх 142 былі ў розны час даследаваны. Сення ў Заслаўі іх засталося каля 50.