+375 (17)no skype addon 544 11 52

Мы працуем:

9:00 - 17:00 акрамя Пн.

Заслаўе

Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе"

Гарадзішча "Вал" і былы кальвінскі збор

Гісторыя гарадзішча "Вал", вядомага таксама як Заслаўскі замак, пачынаецца на мяжы XI-XII стст. Гарадзішча ўзнікла на тэрыторыі правабярэжнага гандлевага пасада і стала асноўным дзяцінцам горада па двух прычынах: па-першае, разрыў паміж старой крэпасцю (гарадзішчам "Замэчак") і гандлева-рамесніцкім пасадам ствараў пэўныя нязручнасці як у кіраванні, так і ў забеспячэнні бяспекі жыхароў паселка, па-другое, пасля будаўніцтва ў 20 км ад горада больш магутнага дзяцінца Менска значэнне Ізяслаўля як памежнага ўмацавання знізілася.

Першапачаткова валы, насыпаныя з пяску, былі вышыней 3-3,5 м. Іх унутраныя схілы ўмацоўвалі глінай і камянямі, а на асобных участках – драўлянымі канструкцыямі. Палігон гарадзішча меў форму няправільнага чатырохвугольніка. На ім падчас раскопак знойдзены рэшткі зрубных пабудоў XII-XVII стст.

Пасля пажару, які Ізяславаль перанес у 1127 г. у сувязі з паходам кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча на Полацк, дзяцінец горада хутка адрадзіўся. На валах былі ўзведзены новыя драўляныя абарончыя сцены з забароламі (праемамі для стральбы з лука).

У другой палове XVI-XVII ст. адбыліся значныя змены ў сферы ўзбраення, тактыцы аблогі і абароны. Велізарнае значэнне набыла агнястрэльная зброя. Гэта ў сваю чаргу выклікала істотнае ўдасканаленне абарончых умацаванняў. На тэрыторыі Беларусі ўкараняецца бастыенная сістэма фартыфікацыі.

Самая значная перабудова гарадзішча "Вал" – будаўніцтва бастыеннага замка – адбылася ў канцы XVI ст. і была ажыццеўлена ўласнікам горада Янам Янавічам Глябовічам. Замкавая плошча пашырылася да 1,5 га. Вышыня валоў дасягнула 8-9,5 м або 15 м, калі лічыць ад дна рова. Даўжыня курцін вала склала 188, 166, 90 і 60 м. Курціны па вуглах фланкіраваліся чатырма спічастымі бастыенамі. Яшчэ два паўкруглых бастыены – паўночны і паўдневы – засцерагалі падыходы да ўяздных мураваных брамаў. Галоўныя вароты былі пабудаваны двухпавярховымі з таўшчыней фасаднай сцяны 2,4 м. Пры дапамозе плацін на рэках Свіслач і Чарніца замкавы роў і прызамкавыя нізіны былі запоўнены вадой штучнага возера. Такім чынам, замак ператварыўся ва ўмацаванне астраўнога тыпу. На восі, якая злучае абодва ўезда ў Заслаўскі замак, быў узведзены парадны палац – рэзідэнцыя ўладальніка.

Да нашых дзен з усіх мураваных збудаванняў Заслаўскага замка, пастаўленых па фундацыі Яна Янавіча Глебавіча ў канцы XVI ст., захаваўся толькі пратэстанцкі храм – кальвінскі збор (сення Спаса-Праабражэнская царква). Лаканічны готыка-рэнесансны воблік храма фарміруецца спалучэннем прастакутнага аднанефнага будынка кафалікона, перакрытага крыжовымі скляпеннямі, і 35-мятровай шасціяруснай вежай. Фасады будынка і чацверыкі вежы праразаюць аконныя праемы з паўцыркульнымі ці лучковымі аркамі, а таксама маленькія люнеты, якія ў свой час выконвалі абарончую функцыю. Кафалікон накрыты высокім двухсхільным дахам, вежа мае шатровае завяршэнне.

Звонку храм аздоблены элементамі рэнесанснага дэкору. Зальны будынак аб'яднаны з двума ніжнімі чацверыкамі вежы агульным аркатурным поясам. Вуглы збору ўпрыгожаны руставанымі пілястрамі, а франтон алтарнай сцяны – дэкаратыўнай кампазіцыяй з крыжом.

Рытмічнасць і ўрачыстая лаканічнасць дэкаратыўнага аздаблення, гарманічнае зліцце архітэктурных мас у сувязі з ландшафтнымі асаблівасцямі планіроўкі заслаўскага замка надаюць вобразу храма моцнае і непаўторнае гучанне.

У якасці кальвінскага збору храм функцыянаваў нядоўга. Сын Яна Янавіча Глябовіча Мікалай пасля прыняцця каталіцтва перадаў яго каталікам. Адбылося гэта да 1632 г., у якім Мікалай памёр. У 1676 г. новыя ўладальнікі Заслаўя – Казімер і Крысціна Сапегі – перадалі ордэну дамініканцаў заходнюю частку замка. І касцел у гэтым жа годзе быў асвечаны ў гонар Св. Міхаіла Арханела. А пасля падаўлення паўстання 1830-31 гг. і разрыву царкоўнай Уніі з Рымам у 1839 г., храм трапляе ў склад Мінскай царкоўнай епархіі.

У наш час, з 1990 г., храм дзейнічае як Спаса-Праабражэнская праваслаўная царква.