+375 (17)no skype addon 544 11 52

Мы працуем:

9:00 - 17:00 акрамя Пн.

Заслаўе

Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе"

Музейна-выставачны комплекс

Музейна-выставачны комплекс гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Заслаўе" быў адчынены пасля папярэдняй рэканструкцыі ў жніўні 1992 г. З агульнай плошчы двухпавярховага будынка вылучаны тры экспазіцыйныя залы, дзве з якіх адведзены пад доўгатэрміновыя выстаўкі.

На першым паверсе размясцілася зала габеленаў. Яна хвалюе пачуцці наведвальнікаў сваёй урачыстасцю. У 1991-1992 гг. па жывапісных картонах беларускіх мастакоў Юрыя Піскуна і Вольгі Дзёмкінай габелены былі выраблены ткачыхамі Барысаўскага камбіната дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Можна сказаць, што заслаўская зала габеленаў – гэта музей трох твораў пад назвамі "Рагнеда", "Полацкія званы" і "Малітва", якія фарматам, дэталямі кампазіцыі, асаблівасцямі каларыту аб'яднаны ў завершаны ансамбль. Нягледзячы на тое, што кожны з аўтараў вырашаў задачу раскрыцця асобнай тэмы, у выніку кожная тэма сыходзіцца ў адной, прысвечанай асобам Рагнеды і Ізяслава, а таксама іх ролі ў гісторыі Заслаўя, у гісторыі ўсяго Полацкага княства. Моцна гучаць зашыфраваныя ў вобразах глыбінныя думкі твораў – Слава і Веліч, Моц і Здароўе,

Таксама ў 1992 г. на другім паверсе адчынілася доўгатэрміновая выстаўка "Музыка вячорак". Яна знаёміць з музычнай культурай беларускіх вёсак і мястэчак. У вітрынах размешчаны музычныя інструменты, сабраныя з усёй Беларусі. Добра вядомыя гармонікі, цымбалы, скрыпкі, жалейкі, бубны аб'яднаны ў так званыя вясельныя гурты. Пад час экскурсіі ажыўляе выстаўку аўдыёсуправаджэнне – народная музыка ў выкананні гуртоў-аркестраў.

Трэцяя зала музейна-выставачнага комплексу прызначана для кароткатэрміновых выставачных праектаў.

Інеса Сабалеўская, Віталь Казлоўскі