+375 (17)no skype addon 544 11 52

Мы працуем:

9:00 - 17:00 акрамя Пн.

Заслаўе

Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе"

Этнаграфічны комплекс "Млын"

Млын

Паравы млын у Заслаўі – унікальны помнік мукамольнай вытворчасці пачатку XX ст. Ён пабудаваны ў 1910 г. на сродкі заможнага жыхара горада Мяхедка-Савіцкага і ўяўляе сабой драўляны трохпавярховы будынак. Спачатку жарнавы пастаў млына працаваў ад моцы паравога рухавіка, так званага лакамабіля, кацёл якога паліўся дровамі.

У 30-я гады лакамабіль быў заменены больш эфектыўным аднапоршневым дызельным рухавіком, вырабленым на польскім заводзе "Perkun", а ў 50-я і ўвогуле ўстаноўлены электрарухавік.

Адразу зерне праганялася праз крупадзёрку і ачышчалася ад вотруб'я, ужо потым пераціралася жорнамі на муку. За памол заказчык мог разлічыцца як грашыма, так і натуральнымі прадуктамі. Здаралася так, што да хаты ён ад'язджаў з трывожнымі думкамі: ці хопіць хлеба, каб пратрымацца ўзімку ? І іначай – другі госць мястэчка накіроўваўся на заслаўскі кірмаш за падарункамі для родных і сваякоў. 

Каля 80-ці гадоў млын паслухмяна служыў заказчыкам, аднак з цягам часу прыйшоў у нягодны стан. Пасля рэстаўрацыі ён стаў цэнтральным аб'ектам этнаграфічнага комплексу гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Заслаўе", у які яшчэ ўваходзяць хата завознікаў, свіран і кузня.

Хата завознікаў

На млын для памолу зерня прыязджала многа сялян. Даволі часта ўзнікала чарга, і некаторым прыходзілася заставацца ў мястэчку Заслаўе на ўсю ноч. З нагоды гэтага гаспадар побач з млыном пабудаваў хату, дзе прыезджыя маглі б падмацаваца ежай, адпачыць з дарогі ці пераначаваць. Вядома, гэтыя паслугі былі платныя і прыносілі мукамольнаму промыслу дадатковы прыбытак. За будынкам замацавалася назва хата завознікаў, бо ад слова "завоз" так празвалі заказчыкаў на памол. У хуткім часе хата пераўтварылася ў своеасаблівую местачковую гасцініцу.

Тагачаснага будынка хаты завознікаў не захавалася. Гасцініца рэканструявана музеем-запаведнікам "Заслаўе", і зараз яна прызначана даць наведвальнікам уяўленне аб побытавай культуры беларусаў канца XIX-пачатку XX ст. У ёй праводзяцца экскурсіі, пазнавальныя заняткі, тэатралізаваныя прадстаўленні з абедамі.

У сенцах хаты завознікаў знаходзяцца невялікая печ, вуглавая шафа, паліцы з керамічным, медным і латунным посудам, стол з самаварам, падвясны рукамыйнік. На сценах вісяць бурносы (зімовая вопратка з гаматнага сукна), а таксама прыстасаванні коннай вупражы. У другой палове – белым пакоі – падлога заслана дашчатым мостам, сцены атынкаваны і пабелены. Важнымі элементамі яе інтэр'ера з'яўляюцца кафляная печ, палаці з сеннікамі, канапа і нямецкі маятнікавы гадзіннік. Па дыяганалі ад печы – у чырвоным вуглу альбо покуці – абавіты ручніком абраз. Зразумела, у параўнанні з сенцамі белы пакой выглядае шляхетным.

Свіран

Свіран - традыцыйная для беларускай гаспадаркі другой паловы XIX-пачатку XX ст. пабудова, якая выкарыстоўвалася для захавання прадуктаў, часткова адзення і побытавых рэчаў. Гэтая назва была характэрна для захаду Беларусі. На ўсходзе ўкараніўся варыянт "клець".

Драўляны свіран ля заслаўскага млына стаіць на каменным падмурку. Яго галоўны фасад уяўляе сабой галерэю з балконам, парэнчы якіх упрыгожаны разьбой. Знутры, уздоўж сцен, цягнуцца засекі для збожжа. У цэнтры знаходзяцца сплеценыя з саломы шыяны, розных памераў кублы, а збоку – куфар.

У канцы XIX ст. у сялянскім побыце функцыі кубла як сховішча адзення і лепшых рэчаў пачаў выконваць куфар, яго яшчэ называлі скрыняй маляванай.

Кузня

Ад самай раніцы да прыцемкаў каля млына раздаваўся звон метала – працавалі кавалі. Да гэтых майстраў мясцовыя жыхары адносіліся з вялікай павагай. І гэта не выпадкова, бо ў язычніцкія часы іх лічылі чарадзеямі - толькі кавалям было падуладна зрабіць жалеза паслухмяным.

Здаралася, па дарозе на млын у заказчыкаў псаваліся калёсы ці коні гублялі падковы. Каб абярнуць гэтыя непрыемнасці ў прыбытковую і добрую справу, гаспадар пабудаваў кузню. Для жарту яе магчыма параўнаць з сучасным аўтасэрвісам. Акрамя гэтага, кавалі добра працавалі на заслаўскі рынак, на якім гандлявалі іх вырабамі: сякерамі, косамі, сярпамі. Асаблівым попытам карысталіся дзвярныя затворы і замкі.

У мэтах рэканструкцыі гаспадарчага комплексу кузня была перавезена музеем-запаведнікам "Заслаўе" з в. Камень Валожынскага раёна. У будынку адноўлена кавальскае абсталяванне пачатку XX ст. Яно складаецца з горна, мяхоў, калоды з аднарогай накавальняй, ручнога тачыльнага і свідравальнага станкоў, шматлікіх інструментаў: малаткоў, абцугоў, разакоў і прабойнікаў. У кузні працавалі двое – майстар і памочнік-малатабоец. Вопытны каваль ударам невялікага малатка па распаленай нарыхтоўцы накіровываў цяжкі ўдар малатабойца. Супрацьпажарная бяспека павышалася тынкоўкай сцен памяшкання.

Коней падкоўвалі побач з кузняй у цесным для іх загоне, каб спужаная жывёла раптам не лягнула. Тут жа на зямлі ляжыць жорнавападобны камень – гбала. Ён ужываўся для набіўкі на драўляныя колы калёсаў жалезных абручаў. 

Аляксандр Макарчык