+375 (17)no skype addon 544 11 52

Мы працуем:

9:00 - 17:00 акрамя Пн.

Заслаўе

Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе"

Дзіцячы музей міфалогіі і лесу

Некалі ў сівую даўніну, маюцца на ўвазе язычніцкія часы нашай гісторыі, погляд продкаў беларусаў на светабудову вызначыла першародная прырода. Пасяленні і гарадзішчы нашых прашчураў паўсталі на ўлонні вялізных лясных гушчароў, па берагах азёраў і рэчак, пасярод амаль непраходных балотаў. Сёння цяжка здагадацца, наколькі непралазнымі былі старадаўнія лясныя абшары, якой багатай і разнастайнай была іх флора і фауна, насколькі крыважэрна паводзілі сябе драпежнікі.

З аднаго боку, лес стаў хатай для тагачаснага чалавека і дазволіў яму выжыць у даволі суровых абставінах існавання. Нашы продкі палявалі, займаліся збіральніцтвам і земляробствам, з дрэваў будавалі жытло і ўмацаванні.

З другога боку, лес для нашых продкаў з'яўляўся і галоўнам ворагам. Ён час ад часу навальваўся спусташальнымі пажарамі і ўраганамі, мусіў занядбаць ворную зямлю, палохаў навальніцамі і таямнічымі гукамі, бязлітаснымі драпежнікамі і каварнай дрыгвой. Мноства з'яў навакольнага свету падавалася архаічнаму чалавеку незразумелым. Але гэта не азначае, што ён не імкнуўся іх растлумачыць, так сказаць, перакласці на мову чалавечага разумення. І тым больш не азначае, што яму гэта не ўдалося. Спазнаць прыроду, знайсці гарманічныя сродкі суіснавання з ёй было для першабытнага чалавека и жыццёвай неабходнасцю, и вобразам мыслення. І ён выкарыстаў сваю ўважлівую назіральнасць да прыроды і багатую чалавечую фантазію. Так нараджалася беларуская народная міфалогія. У цэнтры ўяўленняў архаічнага чалавека пра светабудову знаходзілася так званае Сусветнае Дрэва. Прашчуры лічылі, што яго крона трымае небасхіл, ствол расце ад зямлі да неба, а карані кранаюць падзямелле ці апраметную. Згодна гэтаму, і ўся прастора па вертыкалі падзялялася на тры ўзроўні. Паднябессе насялялі вышэйшыя язычніцкія боствы, такія як Род, Пярун, Вялес, Лада – прадстаўнікі вышэйшай міфалогіі беларусаў. У кроне сяліліся птушкі. Асаблівай людской пашанай і набліжанасцю да багоў карысталіся пярнатыя драпежнікі, напрыклад, сокалы. Што датычыцца месца чалавека, то ён атаясамліваў сябе са ствалом, да якога адносіў таксама і парнакапытных жывёл. Да каранёў былі паніжаны мядзведзь, воўк і ўсе тыя звяры, якія капаюць норы. Апраметная ж кішэла змеямі, жабамі і ўсякага роду нячысцікамі – прадстаўнікамі ніжэйшай міфалогіі беларусаў. Апошнія і прадстаўлены ў Дзіцячым музеі міфалогіі і лесу, які адкрыўся на базе музея-запаведніка "Заслаўе" ў верасні 2005 г. Экспазіцыя музея складаецца з дзвюх частак - зоны рэальнага лесу, дзе прадстаўлены чучалы зайца-русака, рабчыка, янотападобнага сабакі, куніцы, вавёркі, канюка звычайнага, сойкі, дразда-рабінніка, дразда пеўчага, сініцы, ластаўкі, і зона міфалагічная, вобразнымі дамінантамі якой з'яўляюцца скульптуры ваўкалака, ляснога дзядка, лесавіка, вадзяніка і дамавіка. Усе персанажы размешчаны ў характэрным для іх асяродку. У музеі выкарыстаны тэатральны прыём каляровага падсвечвання і гукавое суправаджэнне экскурсій.

З пункта гледжання выхавання Дзіцячы музей міфалогіі і лесу вельмі актуальны ў наш час. Як, напрыклад, растлумачыць чалавеку з сякерай у руцэ, што за псаванне дрэва нашы язычніцкія продкі маглі жорстка пакараць - для іх забойства дрэва прыраўноўвалася да забойства чалавека? Трэба аб гэтым расказваць дзецям ці не? У перыяд глабальных экалагічных крызісаў безумоўна!

Дзіцячы музей міфалогіі і лесу прызначаны стварыць атмасферу абагаўлення прыроды і данесці да гледача ўнікальнасць нашай старажытнай культуры.

Віталь Казлоўскі