+375 (17)no skype addon 544 11 52

Мы працуем:

9:00 - 17:00 акрамя Пн.

Заслаўе

Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе"

Гісторыя музея

Гісторыка-культурны запаведнік "Заслаўе" быў заснаваны пастановай Савета Міністраў БССР ад 31 снежня 1986 г. Дадатковае слова "музей" з'явілася ў яго назве толькі ў 1997 г. Яшчэ пазней, у 2001 г., музей-запаведнік атрымаў статус дзяржаўнай установы, хаця фактычна з'яўляўся такой з самога пачатку.

Моманту заснавання гісторыка-культурнага запаведніка папярэднічаў багаты на падзеі і значны па сваёй ролі этап інвентарызацыі і даследавання заслаўскай старажытнасці. Неабходна прыгадаць, што спачатку на тэрыторыі горада ў 1967 г. быў створаны гісторыка-археалагічны запаведнік. Моцны штуршок развіццю музейнай справы ў Заслаўі надала дзейнасць Музея рамёстваў і народных промыслаў Беларусі, філіяла Дзяржаўнага музея БССР, экспазіцыя якога з 1978 па 1990 г. функцыянавала на базе помніка канца ХVІ ст., былога кальвінскага збору, цяперашняй Спаса-Праабражэнскай царквы.

Сярод тых асобаў, якія перадумовілі і правялі ў жыццё пастанову 1986 г., трэба ў першую чаргу адзначыць Ю. А. Зайца і Т. Г. Гаранскую. Археалагічныя даследаванні Зайца на гарадзішчы "Замэчак" падсумавалі навуковыя вынікі папярэднікаў і дазволілі ідэнтыфікаваць помнік як рэшткі летапіснага Ізяслаўля. Такім чынам, межы заслаўскай гісторыі акрэсліліся 1000-гадовым узростам. Гэты факт якасна паўплываў на вяртанне г/п Заслаўе статуса горада.

Гаранскай належыць аўтарства першай экспазіцыі на тэму заслаўскай гісторыі, якая адкрылася ў 1985 г. у зале паседжанняў гарвыканкама. Пад час экскурса з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўнай улады яна ўзняла праблемныя пытанні аховы помнікаў і дзейнасці гісторыка-археалагічнага запаведніка. У хуткім часе ад імя Дзяржаўнага музея БССР Гаранскай быў складзены тэкст, які падпісала група археолагаў Акадэміі навук БССР, сярод якіх – Г. В. Штыхаў і Ю. А. Заяц. Так, уласна, і была падрыхтавана пастанова аб стварэнні гісторыка-культурнага запаведніка.

Сёння гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе", які ў год наведвае болей за 35 тысяч чалавек, прадстаўляе сабой складаную сістэму аб'ектаў і ахоўных тэрыторый, аб'яднаных паміж сабой гістарычна, тэматычна і функцыянальна. Пад аховай запаведніка знаходзяцца 113 га старажытнай часткі горада, на якой размяшчаюцца такія гістарычныя каштоўнасці, як гарадзішча "Замэчак" (помнік археалогіі Х-ХІІ стст.), гарадзішча "Вал" з былым кальвінскім зборам (гісторыка-культурны помнік XI-XVIIстст.), курганныя могільнікі Х-ХІ стст., касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (другая палова ХVІІІ ст.). У фондах музея-запаведніка захоўваецца каля 16 тысяч музейных прадметаў, якія сфарміраваны ў 22 калекцыі.

У свой час пасаду дырэктара ўстановы займалі Калбаска А. М., Скрыпчанка Т. С., Краснова Е. М., Строганаў А. І.; абавязкі намеснікаў дырэктара па навуковай працы выконвалі Гаранская Т. Г., Сташкевіч А. Б., Коўрык А. А., Краснова Е. М., Харак А. П. Увогуле кажучы, з 1967 г. музейная думка ў Заслаўі праявілася разнастайна, глыбока і маштабна. Кіраўніцтва і працоўны калектыў гісторыка-культурнага музея-запаведніка некалькі разоў амаль што цалкам змяняліся. Кожная група навукоўцаў прыўносіла ў запаведнік сваю навукова-даследчую палітыку, музеязнаўчыя прынцыпы, папаўняла інтэлектуальныя запасы ўстановы новымі ідэямі і праектнымі распрацоўкамі. Але ж адсюль вынікае і праблема пераемнасці доўгатэрміновых праектаў новымі супрацоўнікамі. Канешне, значнасць укладу ў развіццё запаведніка, у акалічнасці, і музейнай справы ў Заслаўі, у цэлым, таго ці іншага супрацоўніка, якіх налічваецца некалькі дзесяткаў, з'яўляецца тэмай асобнага даследавання.

Значнай часткай музея-запаведніка з'яўляюцца рэалізаваныя музейныя праекты. У 1992 г. гасцінна расчыніў свае дзверы музейна-выставачны комплекс па адрасу вул. Рынкавая, 4. У ім пачалі працаваць пастаянныя экспазіцыі "Зала габеленаў" (аўтар экспазіцыі Сташкевіч А. Б.) і "Музыка вячорак" (прысвечана народным музычным інструментам, аўтар экспазіцыі Бярбераў У. Х.). Трэцяя зала музейнага будынка дала прытулак шматлікім часовым выстаўкам, большасць якіх склалі прэзентацыі твораў выяўленчага мастацтва. Адбылася паступовая музеефікацыя і ўвядзенне ў экскурсійны абарачэнне аб'ектаў этнаграфічнага комплексу: млына (аўтары экспазіцыі Краснова А. М., Манько В. В., 1990), хаты завознікаў (аўтары экспазіцыі Краснова А. М., Манько В. В., 1992), кузні (аўтар экспазіцыі Касцюкевіч М. І., 1994) і свірана (аўтар экспазіцыі Касцюкевіч М. І., 1997).

З 1987 па 2001 г. у касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі праводзілася рэстаўрацыя. Але, на жаль, будынак касцёла мае яшчэ шмат недаробкаў, якія трэба выпраўляць. Зараз храмам гаспадарыць каталіцкая абшчына, і ў накірунку паляпшэння стану помніка абнадзейвае ксёндз Пётр Врубель.

За апошні час спіс музейных аб'ектаў запаведніка папоўніўся. У ліпені 2004 г. у Заслаўі адбылася першая на тэрыторыі СНД музеефікацыя доўгачасовага агнявога пункта (музей-ДОТ, аўтары экспазіцыі Камінскі У. В., Рак А. К.,), а ў верасні 2005 г. пачала працаваць і першая ў нашай краіне экспазіцыя, прысвечаная беларускай міфалогіі – Дзіцячы музей міфалогіі і леса (аўтар канцэпцыі Бондараў Я. А., аўтар экспазіцыі Казлоўскі В. І.).

У рамках доўгатэрміновых перспектыўных праектаў музей-запаведнік збіраецца актуалізаваць пытанні музеефікацыі гарадзішча "Замэчак" і заслаўскага замка. Гэта суадносіцца з галоўнай марай супрацоўнікаў установы мець разгорнутыя экспазіцыі па гісторыі горада.

   Віталь Казлоўскі